МЫ САМІ БУДУЕМ БУДУЧЫНЮ

На днях у рэдакцыю газеты Янаўскi край прыйшоў ліст ад жыхароў аграгарадка Гарбаха з просьбай падзякаваць Міхаілу Вячаслававічу за чулую ўвагу да аднавяскоўцаў як у паўсядзённым жыцці, так і падчас правядзення ў аграгарадку газіфікацыі.

«Міхаіл – чалавек, на якога можна палажыцца. Калі ў вёсцы пачаліся работы па газіфікацыі, мы аднагалосна абралі Міхаіла Сацуту старшынёй кааператыва. Працуючы на адказнай пасадзе ў ААТ «Гарбаха», гэты малады чалавек заўсёды знаходзіць час паразмаўляць з намі, даведацца якія пытанні і праблемы турбуюць, дапамагчы не толькі парадай, але і справай», – напісана ў лісце.

Маладая сям’я карыстаецца аўтарытэтам у аднавяскоўцаў. Ганна таксама працуе ў акцыянерным таварыстве. Бацькі гадуюць дваіх цудоўных дзетак, вядуць здаровы лад жыцця, актыўна ўдзельнічаюць у прафсаюзным жыццi гаспадаркi, грамадскім жыцці раёна. Міхаіл узначальвае пярвічную арганізацыю БРСМ у таварыстве, быў удзельнікам VI Усебеларускага народнага сходу.
– Усё ў нашых руках. Мы самі будуем сваю будучыню. А сёння маем магчымасць вырашыць, як і па якім законе будзем жыць далей. Мы разам абмяркоўваем папраўкі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Разам на рэферэндуме абяром сваю будучыню, – адзначае Міхаіл.

 Дзіяна Крэс.

http://www.janow.by/