ААТ «Агра-Калядзічы»: у новы год — з новымі планамі

Штогод ААТ «Агра-Калядзічы» лідзіруе ў раённых і абласных галіновых спаборніцтвах. Гэта пацвярджаюць і ўзнагароды, якіх у скарбонцы таварыства нямала, у тым ліку і Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шэраг работнікаў прадпрыемства вызначыліся і ў мiнуўшым годзе, напрыклад, былы галоўны аграном Леанід Чарняк на абласных «Дажынках» быў адзначаны імянной прэміяй, а вадзіцель Дзяніс Арсяновіч заняў трэцяе месца ў вобласці на нарыхтоўцы кармоў.

Дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Аляксандр Пішч.

Як зазначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Пішч, дзякуючы сумесным намаганням усяго калектыву сёлета ўдалося ўзняць планку дасягнутага ў параўнанні з мінулымі паказчыкамі:

— Нашы палеткі за ўкладзеную працу аддзячылі неблагім ураджаем. На ўборцы збожжавых мы пры ўраджайнасці 49,9 цэнтнераў з гектара сабралі 8804 тоны. Парадаваў ураджай цукровых буракоў, якіх мы атрымалі 863 цэнтнеры «на круг» або на 157 цэнтнераў больш, чым летась. Для забеспячэння зімоўкі статка нарыхтавалі 5 тысяч тон зернефуражу.

МТК «Калядзічы-1100» вызначаецца выдатнай вытворчай статыстыкай. Пры гэтым комплекс лідзіруе не толькі па колькасці, але і па якасці, пастаўляючы амаль 100% малака гатункам «экстра». У агульныя дасягненні свой уклад робіць і аператар машыннага даення Ніна Жур.

З пачатку бягучага года мы атрымалі аб’ём малака больш чакаемага — звыш за 24 тысячы тон, а сутачныя надоі на карову больш за 23 кілаграмы, у выніку сярэдні надой ад адной каровы перавысіў 7,5 тысячы тон. Па выніках гэтага года чакаем агульную рэнтабельнасць нашай дзейнасці ў раёне 25%.

На вытворчым участку «Руднікі» актыўна вядзецца падрыхтоўка тэхнікі да наступнага сезона. Работы хапае ўсім штодзень, свой план абмяркоўваюць механізатары Васіль Сухарукаў, Аляксей Ракавец і ўпраўляючы ўчастка Васіль Смірноў.

Па словах Аляксандра Іванавіча, плённая праца дае відавочны вынік. Напрыклад, усе аб’екты гаспадаркі маюць неабходнае аснашчэнне, укамплектаваны прафесійнымі кадрамі і бездакорна працуюць. У мiнуўшым годзе ў папаўненне машынна-трактарнага парку інвеставана каля трох мільёнаў рублёў. Дзякуючы даходам, прадпрыемства не спыняецца на месцы, а імкнецца развівацца далей.

У ААТ «Агра-Калядзічы» заўсёды сочаць за станам здароўя жывёлы.

— З мэтай зніжэння выдаткаў і нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці сёлета пачалі ўзводзіць цэх па вырабе камбікармоў, увод у эксплуатацыю якога прызначаны на будучую вясну, — зазначае дырэктар акцыянернага таварыства. — Таксама ў нашых планах узвядзенне будынка сухастою з даільна-малочным блокам на тэрыторыі МТФ «Калядзічы», рэканструкцыя кафэ «Рассвет» у аграгарадку Калядзічы, далейшае набыццё энерганасычанай тэхнікі і многае іншае.

Віктар Крук з’яўляецца прадстаўніком вельмі шануемай у сельскай мясцовасці прафесіі. Але і вельмі рэдкай у наш час. Ён — каваль з вялікім стажам, можа выкаваць амаль любую дэталь для тэхнікі або прыстасаванне для работы. А задач яму хапае і зараз, нягледзячы на снег і маразы. Каб паскорыць працэс, механізатары нярэдка дапамагаюць майстру,
цяпер «на падхваце» ў яго Дзмітрый Валасовіч.

Прыбытковасць гаспадаркі напрамую ўплывае і на дабрабыт кожнага работніка. Сёлета, да слова, у таварыстве было запланавана павялічыць заробкі з улікам атрымання даходаў. І гэта атрымалася ажыццявіць, заработная плата па арганізацыі вырасла ў сярэднім на 8%.

Лабарантам па вызначэнні якасці малака на МТК «Калядзічы-1100» працуе Ларыса Рак .

Аднак гэта не адзіныя меры па замацаванні работнікаў, прыцягненні новых кадраў. Стабільна вырашаюцца жыллёвыя пытанні, толькі сёлета былі здадзены ў эксплуатацыю два дамы прысядзібнага тыпу.

— У нашым акцыянерным таварыстве праводзіцца мэтанакіраваная работа па прыцягненні і замацаванні маладых спецыялістаў, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — У 2020-2021 гадах у гаспадарку на працу прыехала 19 выпускнікоў навучальных устаноў — ветурачы, заатэхнікі, ветфельчары, інжынеры і іншыя спецыялісты. У выніку сярэдні ўзрост калектыву істотна амаладзіўся і зараз складае 42 гады.

На комплексе па вырошчванні цялушак «Вашчынічы» склаўся выдатны калектыў, які ўзначальвае Аляксандр Малярэнка. Разам з ім шчыруюць тут аператар машыннага даення Ірына Чабоцька, цялятніца Зінаіда Прышчэпа, заатэхнік-селекцыянер Мікалай Шчурко, аператар машыннага даення Алена Пратасевіч, жывёлавод Таццяна Цімошык, намеснік начальніка Андрэй Лаўраш, жывёлавод Мікалай Мелеш.

Увогуле ў гаспадарцы распрацаваны механізм выяўлення і фарміравання кадравага рэзерву, аказваецца падтрымка ў прафесійным росце і павелічэнні кваліфікацыі праз атрыманне дадатковай адукацыі. Не забываюцца ў ААТ «Агра-Калядзічы» і пра сацыяльную падтрымку. Прафаюз гаспадаркi дапамагае ў вырашэнні бытавых пытанняў, выплачваюцца матэрыяльныя дапамогі да святочных падзей і ў цяжкія жыццёвыя моманты.

Больш за 20 гадоў працуе ў ААТ «Агра-Калядзічы» загадчык склада Мікалай Гузарэвіч. Нягледзячы на тое, што сёлета Мікалай Іванавіч адзначыў 70-гадовы юбілей, працягвае выконваць свае абавязкі. Разам з жонкай, якая таксама нямала год адпрацавала ў сельскай гаспадарцы, яны выгадавалі чатырох дзяцей, некаторыя з іх вырашылі працягваць сямейную дынастыю.
Магчыма, хто-небудзь з сямі ўнукаў Гузарэвічаў таксама вырашыць працаваць на зямлі.

З улікам такіх намаганняў можна смела сцвярджаць, што прадпрыемства мае добрыя перспектывы. А яны, зразумела, адразу бачныя і прыцягваюць людзей у сельскую гаспадарку. А яшчэ поспехі мiнулага года з’яўляюцца сапраўднай гарантыяй далейшага развіцця і працвітання акцыянернага таварыства.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

budni.by