Падводзіць вынікі — рэч, на першы погляд, звычайная, але, у той жа час, вельмі важная. Патрэбна бачыць, дзе спрацавалі на пяць з плюсам, а дзе трэба падцягнуцца, скарэкціраваць работу, можа, памяняць падыходы і тактыку. Гэта ж жыццё, і прадугледзець усемагчымыя перашкоды, якія могуць узнікнуць у працэсе, вельмі складана. Хаця і прагназаваць абавязкова патрэбна, каб бачыць, з чым прыйдзеш на канец года. Усё вышэйсказанае з’яўляецца неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі, дзе заўсёды думаеш наперад, нават зімой, здаецца, у час спакою, ужо складаеш планы на будучы ўраджай, стараешся да дробязей усё пералічыць.
Працуй да поту — паясі ў ахвоту. Лепш і не скажаш пра працу на зямлі. Зімой рыхтуеш насенне, вясной сееш, летам даглядаеш, а па восені збіраеш. Кругазварот. А інакш нельга. Зямелька не церпіць дрэнных да сябе адносін. Не будзе ў гультая яна дагледжаная і ўрадлівая. Карміцелька наша добраму гаспадару і ў сне прыходзіць.
Успомніце толькі, як у ранейшыя часы людзі проста марылі мець зямельны надзел, бо для іх гэта была свабода, свой кавалак хлеба. Нават малы акраец яго быў дарагі. Помняць пра дадзеную акалічнасць і шануюць кожную пядзю зямлі і ў ААТ «Мурава». Яна ж адказвае ўзаемнасцю.
Вядзі за жывёлай догляд — будзеш мець і даход. У сельгаставарыстве стараюцца прытрымлівацца мудрасці, бо яна напрамую ўказвае на прыбытак гаспадаркі і дабрабыт кожнага яе працаўніка. Нарыхтоўваем з запасам кармы (сянаж, сілас, сена). А яшчэ для нашых каровак кожны дзень нясём усмешку. То ж жывыя істоты. Нельга іх пакідаць без ласкі, яны ж адчуваюць, з якім настроем ты прыйшоў на работу. Таму, каб малако не пераводзілася ў рагуль, пакідай усё дрэннае дома і з пазітывам на працу!
Кожны чалавек мае сваю цану. Без шчырай і адданай працы кожнага не можа быць і гаворкі пра рост любога прадпрыемства, тым больш калі размова ідзе пра сельскую гаспадарку. Тут работа аднаго звязана з работай усіх астатніх. Адзін дрэнна апрацаваў зямлю, другі абы-як пасеяў, трэці не падвёз своечасова корм і г.д. Усё, пра прыбытак можна забыць. Каб пазбегнуць такой непажаданай акалічнасці, патрэбна ўсіх згуртаваць, матываваць на станоўчы вынік, пры гэтым не забываць, што кожны працаўнік — гэта асоба са сваім характарам і патрабаваннямі да жыцця. У ААТ «Мурава» склаўся калектыў, які нацэлены на рэзультат і з якім можна смела ісці ў будучыню. Таму будзем спадзявацца, што запланаванае на 2023 год у хуткім часе ажыццявіцца. А гэта дасць упэўненасць у тым, што разам мы можам многае!
Няхай усё, што вы загадалі, збываецца кожны дзень у новым годзе. Любові, удачы, радасці, здароўя да старасці, прыгожых і светлых дзён і самых адданых сяброў. Яшчэ хачу пажадаць многа белых сняжынак для падняцця настрою. Няхай год прыносіць толькі пазітыў у ваша жыццё. А яно ў нас, канечне, — «толькі трымайся». Дык трымайцеся адзін аднаго! І не забывайце, што на гэтым свеце ёсць людзі, якія вас чакаюць, хвалююцца і заўжды рады бачыць. Давайце ж у годзе новым будзем усім дарыць толькі шчырыя ўсмешкі і незабыўны настрой. З Новым годам, з новым шчасцем!
Пётр Білецкі, дырэктар ААТ «Мурава»
Крынiца: Раённыя буднi.