Малады вадзіцель з ААТ «Хмелева» Яўген ЗІМІН стаў першым у Жабiнкоўскiм раёне ў сваёй кагорце, хто перавёз тысячу і болей тон збожжа ад камбайнаў.
Павіншаваць Яўгена Сяргеевіча з такім прыемным уласным дасягненнем на мехдвор прыехалі госці — старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоў КАБЕРНА, сакратары абкама БРСМ Юрый СЕГЯНЮК і Максім ХАРЫТОНІК, а таксама прадстаўнікі раённага камітэта маладзёжнай арганізацыі.
Любоў Антонаўна ўручыла Яўгену Зіміну Пісьмо падзякі, кепку і футболку, а таксама каштоўны падарунак — набор гаечных ключоў. Дасталіся герою жніва прыемныя сувеніры і ад гасцей з горада над Бугам.
— На Брэстчыне нямала моладзі задзейнічана на жніве, — падчас віншавання казаў Юрый Сегянюк. — І вельмі прыемна, што маладое пакаленне дэманструе высокія вынікі работы на камбайнах, аўтамашынах, на зернетаках. Традыцыйна ў перыяд уборачнай кампаніі спаборніцтвы праходзяць у дзвюх намінацыях: “Маладзёжны экіпаж камбайнераў, што дасягнуў найвышэйшага намалоту” і “Малады вадзіцель, які перавёз найбольшую колькасць зернебабовых культур”. Вельмі здорава, што вы на Жабінкаўшчыне сталі лідарам у сваёй намінацыі і падаяце цудоўны прыклад другім маладым людзям!
Яўген Зімін падзяліўся, што вырас у Брэсце, а жыць перабраўся ў вёску. У Хмелеве пабудаваў сямейнае жыццё. Тут яму падабаецца: спакойны, размераны тэмп жыцця, няма гарадской мітусні, садавіна-гародніна прама з градкі. У дачушкі процьма сябровак, ёй падабаецца вучыцца ў школе, летам часам просіцца пракаціцца ў кабіне з татам.
— Выходжу з дому рана, дачка яшчэ спіць, развожу кармы для жывёлы, а потым — да камбайнаў, — кажа Яўген. —Рэкордны дзень быў, калі перавёз 110 тон збожжа! Тады столькі рэйсаў зрабіў і зараз стараюся не губляць набраны тэмп. Каб не дажджы, ужо завяршылі б жніво. Прыемна, што менавіта я стаў першым маладым вадзіцелем-тысячнікам. Буду старацца і далей трымаць марку!
Крынiца: Сельская праўда