«За рулём з 14 гадоў!» – вадзіцель ААТ «Любашава» Юрый Сідарэвіч расказаў аб прафесійным шляху, любові да тэхнікі і ацэненых заслугах

Некалькі тыдняў таму вадзіцелю ААТ «Любашава» Юрыю Сідарэвічу дэпутат Людміла Жалнерчык уручыла Пісьмо падзякі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. За якія такія заслугі? Ды ў першую чаргу за тое, што не шукаў Юрый Леанідавіч лёгкага хлеба, а застаўся жыць і працаваць на зямлі бацькоў сваіх. Прычым працаваць шчыра, добрасумленна, годна.

Упершыню ў кабіну трактара Юрый Сідарэвіч сеў, калі яму было чатырнаццаць гадоў. Неверагодна? Факт.

–  Некалі ў механізатараў нашага калгаса, якія працавалі на касілках, былі памочнікі, – успамінае Юрый Леанідавіч. – І мяне, няхай сабе малога, аднак надта адданага тэхніцы, узяў у напарнікі мой стрыечны брат Іван Компель. Тагачасны старшыня калгаса Міхаіл Білімаў спачатку не зусім ахвотна згаджаўся на гэтую авантуру – як-ніяк дзіця яшчэ. Дарэчы, да гэтага Міхаіл Аляксеевіч не аднойчы выцягваў мяне з кабіны трактара: маўляў, не дарос за руль садзіцца. Аднак, паглядзеўшы, што ніякіх праблем гападарцы я не дастаўлю, а яшчэ адны рукі ў час нарыхтоўкі кармоў лішнімі не будуць, даў сваё дабро.

Два летнія месяцы працаваў  Леанід у гаспадарцы з раніцы і да позняга вечара і зарабіў ажно сто дваццаць рублёў!

–   Гэта былі вялікія грошы, – усміхаецца мужчына. – Маці, збіраючы мяне ў восьмы клас, за мае першыя заробкі купіла ўсё неабходнае: ад сшыткаў і алоўкаў да зімовых ботаў і паліто.

Скончыўшы Любашаўскую васьмігодку на чатыры і пяць, вучыцца далей Юрый Сідарэвіч вырашыў у Гродзенскім тэхнікуме фізічнай культуры. Падаў дакументы, схадзіў на некалькі кансультацый і… уцёк дадому.

–   Не па мне быў гарадскі рытм жыцця, – прызнаўся Юрый Леанідавіч. – Да таго ж, калі наступаў вечар, такі сум агортваў душу, так хацелася дадому.

На заняткі ў агульнаадукацыйную школу юнак не вярнуўся, падаўся вучыцца ў Ганцавіцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Затым была служба ў арміі і доўгачаканае вяртанне ў родны калгас «Радзіма».

–   Вось толькі механізатарам я стаў не з першага дня пасля дэмабілізацыі. Моладзі ў вёсцы было многа, таму і канкурэнцыя была даволі сур’ёзнай. Некаторы час працаваў у будаўнічай брыгадзе, хадзіў, як кажуць, платы гарадзіў.

Праз некаторы час даручылі яму, маладому ды не жанатаму,  падвозіць і раздаваць рагулям корм на ферме.

–   Не было ў мяне тады ні выхадных, ні прахадных, – успамінае субяседнік. – А вось жадання займець у калгасе лепшую тэхніку, перасесці, напрыклад, на трактар, за руль якога-ніякога аўтамабіля – хоць адбаўляй.

У пачатку 90-х, незразумелых і няпростых, у калгас «Радзіма» аднекуль прыцягнулі касілку… па запчастках.

–   Збірай і працуй, – сказаў Юрыю Леанідавічу тады старшыня калгаса. –  Задача не лёгкая, але ты ўпарты, справішся.

Не адзін сезон на гэтай касілцы шчыраваў Юрый Сідарэвіч. Дагледжанай, акуратнай была тэхніка ў яго руках.

–   Я і зараз лічу, што куды лягчэй ліквідаваць малую паломку, чым займацца сур’ёзным рамонтам, – кажа субяседнік. –  А  наогул, тэхніку трэба любіць, тады і служыць яна будзе доўга.

У 2007 годзе сельскагаспадарчы кааператыў «Любашава» ўзначаліў Міхаіл Сергіеня.

–   Не ведаю, што адыграла рашаючую ролю, мо  што я з тэхнікай быў заўсёды на ты, Міхаіл Рыгоравіч прапанаваў мне пасаду яго вадзіцеля.

Вось толькі штогод, калі пачыналася гарачая пара ў гаспадарцы, перасаджваўся Юрый Сідарэвіч  за штурвал  камбайна.

– Жніво – адказны час, і гэта пацвердзіць кожны яго ўдзельнік, – кажа субяседнік. – А яшчэ гэта мая самая любімая пара сельскагаспадарчага года, час, калі не проста збіраеш ураджай, але і можаш даказаць сваё прафесійнае майстэрства на справе.

І на жніве Юрый Сідарэвіч даволі часта быў у ліку лепшых, атрымліваў узнагароды, прымаў удзел у абласных «Дажынках».

–   У 2015 годзе я намалаціў тысячу тон зерня, – расказвае Юрый Леанідавіч. – Ураджай у гаспадарцы быў неблагі, дый з хлебаўборачнай машыны тады я амаль што не вылазіў, стараючыся не толькі скарыстаць кожны пагодны дзень для ўборкі хлеба, але і заваяваць працоўную вяршыню.

Апошнія тры гады Юрый Сідарэвіч – вадзіцель УАЗа, возіць з Любашава ў Сукач работнікаў малочнатаварнай фермы. Працоўны дзень мужчыны, як і некалі, пачынаецца рана. Іншы раз  на гадзінніку пяць раніцы, а ён ужо на ферме.

–   Дахаты вяртаюся таксама позна, – усміхаецца мужчына. – Жонка не сярдуе, разумее, што па-іншаму на маёй рабоце ніяк не будзе.

І толькі сын Павел (ёсць яшчэ і дачка Таццяна. – Заўв. аўт.) іншы раз можа пажартаваць: «Бацька наш – усё жыццё калгаснік. І статус у яго адзін – працоўны».

–   А я не крыўдую, – усміхаецца субяседнік. – Па сённяшні дзень лічу сябе калгаснікам і гэтым ганаруся.

Галіна ПУПАЧ, gants.by