За кошт чаго плюсуе «Белавусаўшчына»? Карэспандэнты газеты «Раённыя буднi» пабывалі на МТК і даведаліся

Любую работу можна смела суаднесці з сумленнасцю, душэўнасцю, узаемаразуменнем і шчырым выкананнем ускладзеных на цябе абавязкаў. Толькі ў такім выпадку рэзонна разлічваць на павагу кіраўніцтва і калег, падтрымку ў цяжкую мінуту, ды і годная зарплата яшчэ нікому не была лішняй. Такімі арыенцірамі ў рабоце кіруюцца на МТК «Белавусаўшчына» ААТ «Жураўлінае».

Начальнік комплексу Святлана Варыцкая і механізатар Сяргей Ахрэм.

Пасаду начальніка комплексу амаль год займае Святлана Варыцкая. Жывёлаводам за невялікі прамежак часу ўдалося падняць надоі, павысіць таварнасць малака і яго рэалізацыю.

Калі браць у агульным разрэзе, то сельгаставарыства налічвае 6755 галоў кароў. Гэта найбольш па раёне пасля ААТ «Ружаны-Агра» (7100 галоў). З іх 1170 галоў дойнага статку знаходзіцца на комплексе «Белавусаўшчына» . А з улікам маладняку — усяго 2300 галоў. І вось гэтыя рагулі пры належным доглядзе павінны даць працаўнікам МТК упэўненасць у заўтрашнім дні.

Святлана Варыцкая расказала, што калектыву ўдалося падняць надоі ад каровы з 13 да амаль 20 кг. Для некага гэта толькі лічбы, але на самай справе за імі хаваецца цяжкая і карпатлівая праца людзей. Валавая вытворчасць за паўгоддзе бягучага года склала 103,1 % да мінулага (3896 кг да папярэдніх 3779). Прыплюсавалі за гэты прамежак часу і сумарна ў надоях ад кожнай рагулі — +228 кг. Павялічылася рэалізацыя — 3675 кг да ранейшых 3375 кг. Малако адпраўляецца на Бярозу і Брэст, пры тым 100% — гатункам «экстра». Таварнасць вырасла з 92 да 94%.

Заатэхнік-селекцыянер МТК «Белавусаўшчына» Святлана Савіна.

Належную ўвагу ўдзяляюць на комплексе і маладняку, бо разумеюць, што гэта той жа патэнцыяльны прыбытак (захаванасць пагалоўя вырасла з 95 да амаль 98%). На гэтым участку, па словах Святланы Аляксееўны, працуюць жывёлаводы, якія клапоцяцца пра маленькіх цялятак, як пра сваіх дзетак.

А ў чым яшчэ хаваецца сакрэт бачнага станоўчага выніку?

Начальнік комплексу сцвярджае, што не на апошнім месцы знаходзіцца дысцыпліна. Зразумела, што кожны павінен дакладна ведаць свой участак работы, недзе праяўляць ініцыятыву. І ў той жа час кіраўнік імкнецца ўважліва ставіцца да сваіх падначаленых, цікавіцца іх клопатамі і праблемамі, ствараць такія ўмовы, каб працаўнікі адчувалі сябе адзіным калектывам, з жаданнем ішлі на працу.

На дадзены момант на МТК працуюць сем аператараў машыннага даення на асноўнай дойцы і два — на раздоі.

Важная і кармавая база, якая з’яўляецца прамой падмогай у дасягненні пастаўленых задач. Святлана Варыцкая запэўніла, што комплекс у поўным аб’ёме забяспечаны канцэнтратамі, у тым ліку і «КР-1» з утрыманнем сырога пратэіну не менш за 21%. Цяпер актыўна вядзецца закладка сянажных траншэй з захаваннем усіх рэгламентаў, іх трамбоўка і ўкрыццё.

Як любіць работу і сваіх каровак, могуць расказаць аператары машыннага даення Алена Рабіік, Галіна Ахрэм і Людміла Дудко.

А яшчэ ў маі на МТК атрымалі новы кормараздатчык «Фарэзін», які аўтаматызавана змешвае кармы з высокай дакладнасцю, што дае магчымасць збалансавана карміць рагуль. Тэхніку даверылі вопытнаму і адказнаму механізатару Сяргею Ахрэму. На МТК ёсць таксама сваё малочнае таксі для кармлення цялят, што вельмі зручна ў гэтай рабоце.

Шмат увагі надаецца выкананню гігіенічных патрабаванняў: у абавязковым парадку праводзяцца дэзынфекцыя радзільнага аддзялення, чыстка малакаправодаў спецыяльнымі сродкамі. Дарэчы тут нядаўна прайшла мадэрнізацыя. А яшчэ на комплексе вырашылі адысці ад традыцыйнага падсцілання саломай і замяніць яе … пяском. Аказваецца, ён уплывае на якасць, паніжае колькасць саматычных клетак у агульным малацэ. Каровы ж менш траўмуюцца і лепш сябе адчуваюць пасля абрэзкі капытоў.

Вялікі фронт работы на комплексе выконвае заатэхнік-селекцыянер. Святлана Варыцкая з задавальненнем зазначае, што вельмі пашанцавала са спецыялістам гэтага напрамку. Святлана Савіна адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, а іх нямала: забеспячэнне высокай прадукцыйнасці буйной рагатай жывёлы, арганізацыя і планаванне вытворчасці, накіраваныя на паляпшэнне племянной структуры і ўзнаўлення статка і многія іншыя. Не адмаўляе ў дапамозе і ўпраўляючы ўчастка Юрый Русак, да якога звяртаюцца даволі часта. Ён імкнецца хутка вырашаць рознабаковыя пытанні.

Што хацелася б дадаць ад сябе? Падчас размовы са Святланай Аляксееўнай прыемна было адчуваць, што жанчына вельмі любіць сваю работу, перажывае за калектыў. Як кажуць, гарыць на працы. Менавіта такія працаўнікі надаюць упэўненасці ў тым, што ў нас усё атрымаецца, нягледзячы ні на якія цяжкасці.

Крынiца: Раённыя буднi