З клопатам аб людзях

Прайшоў VІІ пленум Маларыцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У рабоце пленума бралі ўдзел старшыні прафсаюзных арганізацый, члены райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу раёна, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Яўген Мартынюк, старшыня Маларыцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк.


З асноўным дакладам выступіў старшыня Маларыцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Пётр Губей. У сваім выступленні ён скіраваў увагу прысутных на тое, што галоўным у рабоце прафесійных арганізацый павінен быць чалавек. Суперажываць, дапамагаць яму – гэта аснова асноў. У сістэме АПК раёна прафсаюзам цяпер аб‘яднаны 1549 чалавек, якія працуюць, і 317 навучэнцаў Маларыцкага аграрнага каледжа, у 18 арганізацыях членамі прафсаюза з’яўляецца 98,9% калектыву. Пётр Губей спыніўся на выніках арганізацыйна-кадравай, калектыўна-дагаворнай работы (у раёне дзейнічае 3 пагадненні, 15 калектыўных дагавораў, 1 вучнёўскае пагадненне), фінансавай дзейнасці, аздараўленні, турыстычна-экскурсійнай дзейнасці і культурна-масавай работы.



У справаздачным перыядзе райкам прафсаюза і прафсаюзныя камітэты трымалі ў цэнтры ўвагі пытанні абароны прафесійных інтарэсаў розных катэгорый работнікаў, удасканалення сістэмы і памераў аплаты працы, стварэння належных умоў для работы і адпачынку тых, хто працуе, захавання заканадаўства, правілаў і норм аховы працы, арганізацыі аздараўлення і інш. Увага пры ажыццяўленні грамадскага кантролю была нададзена пытанням аплаты працы працаўнікоў, выкананню тэрмінаў і перыядычнасці выплаты заработнай платы, даплат за працу ў звышвызначаны час, шкодныя ўмовы працы, прымянення кантрактнай формы найму, выканання палажэнняў калектыўных дагавораў і пагадненняў, правільнасці афармлення прыёму, пераводу, звальнення работнікаў, прымянення дысцыплінарных спагнанняў.


Задача прафсаюзнага актыву раённай арганізацыі, па словах Пятра Вікенцьевіча, ‒ праводзіць сярод працаўнікоў растлумачальную работу, накіраваную на забеспячэнне працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, добрасумленнага выканання працоўных абавязкаў, павышэнне якасці атрыманай прадукцыі, у мэтах росту прадукцыйнасці працы і, адпаведна, заработнай платы. Кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў сумесна з прафсаюзным камітэтам праводзіцца пэўная работа, накіраваная на паляпшэнне ўмоў працы, прафілактыку вытворчага траўматызму (у мінулым годзе зафіксавана 3 выпадкі, у гэтым годзе — адно), забеспячэнне работнікаў належнымі санітарна-бытавымі ўмовамі.


Разам з выкананнем асноўнай функцыі прафсаюза – абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, ‒ адзначыў Пётр Губей, – важным з’яўляецца максімальнае садзейнічанне наймальнікам у павышэнні прэстыжу і прывабнасці аграрных прафесій, матывацыю людзей да працы з дапамогай стварэння камфортнага вытворчага асяроддзя, укаранення працоўнага суперніцтва, маральнага і матэрыяльнага стымулявання працы, арганізацыі вольнага часу і аздараўлення работнікаў і членаў іх сем’яў.


На пленуме таксама была заслухана справаздача рэвізійнай камісіі, выкананне сметы даходаў і расходаў Маларыцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі за мінулы год і за І паўгоддзе гэтага года, разгледжаны арганізацыйныя пытанні (аб зменах у складзе раённага камітэта, прэзідыума і рэвізійнай камісіі Маларыцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК).


На пленуме таксама выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Яўген Мартынюк, старшыні пярвічных прафарганізацыі: Маларыцкай ПМС – Таццяна Ківачук, кансервавагароднінасушыльнага камбіната – Кацярына Паздзяйкіна, ААТ “Гвозніца” – Таццяна Чэраднічэнка.


Падводзячы вынікі работы пленума, Пётр Губей адзначыў, што галоўны вынік работы прафсаюзаў за год ‒ захаванне стабільнасці ў працоўных калектывах, колькаснага складу прафарганізацыі, падтрымка ў іх спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату.

Мікалай НАВУМЧЫК, фота аўтара — Голас часу