Дынастыі бываюць не толькі царскія. Ёсць прадаўжальнікі сямейных традыцый і ў прафесіях ды на вытворчасцях. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай ячэйкі Жабінкаўскага цукровага завода Андрэй Іванюк – яскравае пацвярджэнне гэтай ісціны.
На цукровым заводзе амаль паўвека адпрацаваў яго бацька Яўген Пятровіч, сорак гадоў жыцця аддала салодкай вытворчасці маці Тамара Мікалаеўна. Бацькі, лічыце, стаялі ля вытокаў завода, які распачаў дзейнасць у снежні 1963 года. Да слова, на родным прадпрыемстве працуе і Андрэева жонка Таццяна. У такіх варунках і жыццёвы шлях нашага героя быў прадвызначаны амаль ад самых пачаткаў.
Пра тое ён гаворыць з гумарам:
– Дзе тату ды маці – і мне працаваці!
Яшчэ юнаком трыццаць пяць гадоў таму Андрэй Яўгенавіч пераступіў праз заводскую прахадную. Затым на пару гадоў атрымаўся перапынак, бо давялося паслужыць Радзіме ў салдацкім шынялі. Вадзіцельскія навыкі, набытыя ў войску, аказаліся запатрабаванымі і на грамадзянцы: два дзясяткі гадоў Андрэй Яўгенавіч “шафярыў” на цукровым заводзе, а затым яшчэ дзясятак гадоў быў майстрам па быце. Прычым, аднойчы Іванюк зразумеў, што трэба пашыраць свае веды і закончыў Беларускі інстытут правазнаўства.
З родным заводам ён адчувае еднасць, таму гаворыць з гонарам:
– Бывае, заходзіш у краму (нават за мяжой, у Расіі, тым больш у роднай краіне) і бачыш салодкія вырабы свайго прадпрыемства. Міжволі ўзнікае адчуванне радасці ад таго, што працуеш на гэтым заводзе. Мы з гонарам нясем назву Жабінкі, калі “падсалоджваем” жыццё людзей.
У лістападзе 2020 года ў біяграфіі Андрэя Яўгенавіча ўзнік новы адказны напрамак дзейнасці. На пасяджэнні прафсаюзнага камітэта ён быў абраны старшынёй пярвічнай прафарганізацыі, якая ахоплівае ўсіх без выключэння работнікаў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
З самага пачатку ў новага прафсаюзнага лідара было безліч задумаў, як палепшыць сацыяльнае становішча цукравараў. Аднак, як гаворыцца, свае карэктывы ўнесла жыццё, прынамсі, каранавірус і абмежаванні, звязаныя з пандэміяй. Натуральна, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы на гэты перыяд былі адкладзены. Аднак ужо ў наступным годзе, калі хвароба прыкметна пайшла на спад, надышоў час рэалізаваць задуманае.
– Адчувалася: людзі засумавалі пра агульныя мерапрыемствы, якія звычайна аб’ядноўваюць калектывы, – успамінае Андрэй Іванюк. – Таму, калі абмежаванні былі зняты, нашы планы пачалі імкліва выконвацца. За апошнія пару гадоў праведзена шмат масавых мерапрыемстваў, да якіх ахвотна далучаліся нашы працаўнікі.
Сярод вялікага спіса цікавых спраў, арганізаваных для сяброў прафсаюза, вылучым паспяховае выступленне на раённым турніры па валейболе, дзе цукравары і летась, і сёлета святкавалі перамогу. А ў гэтым годзе яны ўжо паспелі выйграць спаборніцтва ў абласной прэм’ер-лізе ў футзале і выйшлі ў экстралігу. Развіваецца таксама турыстычная дзейнасць. У мінулым годзе члены прафсаюза пабывалі ў Санкт-Пецярбурзе і Карэліі, дзе пабачылі цікавыя гістарычныя мясціны і непаўторныя прыродныя краявіды.
– Ужо на працягу дзесяцігоддзя для нас стала добрай традыцыяй кожны жнівень наведваць турыстычную базу на Белым возеры. Пры гэтым у наваколлях абавязкова ўскладаем жывыя кветкі да помнікаў баявой славы, – дзеліцца Андрэй Яўгенавіч.
Асобна ён спыняецца на калектыўным дагаворы, які дзейнічае на прадпрыемстве:
– У нас ён адзін з найбольш распрацаваных, дазваляе работнікам адчуваць сябе па-сапраўднаму абароненымі. Заахвочваем іх з нагоды значных святаў, падтрымліваем сваіх ветэранаў, двойчы на год члены прафсаюза атрымоўваюць сродкі для набыцця агародніны… Увогуле, пералічыць усё нават не бяруся.
Напярэдадні Першамая Андрэй Яўгенавіч праз “Сельскую праўду” выказвае падзяку людзям працы:
– “Мір. Праца. Май!” – лозунг даўні, але дасюль актуальны. Калі ў чалавека мірнае неба над галавой, любімая добрааплочваемая праца, тады і ў маі, і на працягу ўсяго года ён адчувае добры настрой, жаданне жыць і ствараць на карысць сабе, сваім блізкім, калегам, роднай краіне. Жадаю ўсім здароўя, шчасця і квецені ў душы.
Анатоль БЕНЗЯРУК, фота Кацярыны ЯКУБЁНАК — Сельская праўда