Так гаворыць пра экскаватаршчыка Аляксандра Мышкаўца намеснік начальніка па меліярацыі ПМК-19 Васіль Хлус. І дадае: “Сапраўдны ас у сваёй справе!” Пра руплівага працаўніка гаворыць з павагай і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Алена Завяржэнец.
Сам ас аказаўся чалавекам сціплым, нават крыху сарамлівым, мабыць, таму, што давялося пра сябе расказваць, а хацелася пра іншых:
– Ды не рабіце з мяне нейкага героя. У нас справа агульная, усе хлопцы шчыруюць на выдатна, працуюць адказна, бо разумеюць: нашу работу за нас ніхто не зробіць, – і з удзячнасцю пералічвае экскаватаршчыкаў Анатоля Андрэева і Валерыя Вайтовіча, Васіля Жоўклага і Валерыя Федарука, не забываецца і пра наймалодшага калегу Пятра Міхневіча.
І ўсё ж па нашай просьбе Аляксандр Мікітавіч прыгадвае сваю жыццёвую адысею, якая аднойчы і назаўсёды прывяла ў родную ПМК.
У яго за плячыма дзве школы: першая гарадская ў Жабінцы, дзе Аляксандр атрымаў атэстат сталасці, і ДТСААФ у Гродна, у якой юнак вывучыўся на вадзіцеля і адначасова набыў вайсковую спецыяльнасць кіроўцы БМП. Гэтая навука хутка спатрэбілася, калі трапіў у армію.
Савецкі Саюз меў вялізныя адлегласці ад Брэста да Курылаў. Аляксандру Мышкаўцу давялося праехаць амаль ад самай заходняй да ўсходняй кропкі, бо служыў юнак на Сахаліне. Напярэдадні новага 1978 года яго з радасцю сустракалі ў родным доме тата Мікіта Паўлавіч і матуля Марыя Станіслаўна ды малодшы брат Валерка. Мінуць гады, і малодшы абярэ ў жыцці армейскую службу, пройдзе агнявымі афганскімі дарогамі, а старэйшы прысвяціць сябе выключна мірнай справе.
Пасля войска Аляксандр Мышкавец працаваў вадзіцелем у райвыканкаме і Брэсцкім аўтакамбінаце ?3. Сорак гадоў таму Аляксандр Мікітавіч зразумеў: прыйшоў час і свой сямейны кут займець, тым больш, што ў яго з жонкай Лідай ужо гадаваліся дзеці Сяргей ды Іра.
Тут і паклікала зноў малая радзіма. Аднойчы намеснік па механізацыі ПМК-19 Мікалай Якімаў прапанаваў:
– Саша, ідзі да нас! Будзеш працаваць на бульдозеры ці экскаватары.
– Ды я ж не ўмею, – засумняваўся Мышкавец.
– Нічога – не богі гаршкі абпальваюць. Ты хлопец з галавой, тэхніку, бачу, любіш, на раз-два асвоіш!
“Напрарочыў” Мікалай Нічыпаравіч. Канечне, гэта ў казках бывае, што па шчупакоўскім жаданні ўсё адбываецца – у жыцці патрэбна да ўсяго сваім розумам дайсці. Аляксандр адвучыўся ў вучылішчы механізацыі ў Чарнаўчыцах, дзе будучы ас асвоіў азы працы на сур’ёзнай меліярацыйнай тэхніцы, і ўжо праз месяц стаў памочнікам экскаватаршчыка Міхаіла Лукашука. Яго ўжо няма сярод нас, тым большую ўдзячнасць адчувае зараз да настаўніка Аляксандр Мікітавіч.
Ужо чатыры дзясяткі гадоў ён трымае ў руках “тэхніку, бы цацку”, упраўляецца з каўшом экскаватара, быццам гуляецца. Таму і сутрэча наша адбывалася паблізу канала на ўскрайку вёскі Целякі. Працаўнік пагадзіўся на хвіліну-другую заглушыць матор сваёй магутнай машыны.
– Спраў тут нямала, – дзеліцца экскаватаршчык. – Канал працяглы, і што вельмі важна – магістральны. Ужо не першы месяц шчыруем у гэтых мясцінах, ідзем крок за крокам, абнаўляем магістральны ды іншыя каналы, чым дапамагаем сельгаспрадпрыемствам.
Зразумела, як гаворыцца, па працы і пашана. Аляксандр Мышкавец нават не бярэцца пералічваць усе свае ўзнагароды, атрыманыя ад раённых і абласных уладаў, ад роднага трэста “Брэстводбуд”.
Напярэдадні прафесійнага свята меліяратар з вялікім стажам зычыць калегам міру, шчасця, дабрабыту і дадае:
– Будзьце, хлопцы, моцнымі, бо праца наша хоць і пачэсная, ды вельмі няпростая. Тут і адказнасць на кожным, і ўменняў трэба мець нямала, каб надзейны мост пабудаваць або канал уладкаваць ды многае іншае карыснае зрабіць.
Анатоль БЕНЗЯРУК, Сельская праўда