У лік лепшых малочна-таварных ферм раёна ўваходзіць МТФ «Сярадава» Івацэвіцкага дзяржаўнага прафліцэя сельгасвытворчасці.
У Брэсцкай вобласці дзейнічае восем навучальных устаноў: прафліцэяў, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў – дзе моладзь атрымлівае прафесіі сельскагаспадарчага профілю. Адна з такіх устаноў – УА «Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці», якая мае ўласную вучэбную гаспадарку – малочна-таварную ферму, сельскагаспадарчую тэхніку і многае іншае…
Для даведкі: амаль усе іншыя падобныя ўстановы Брэстчыны ад вучэбных гаспадарак адмовіліся.
А вось у нашым прафліцэі палічылі так: не ў кабінетах павінен асвойваць веды будучы механізатар ці аператар машыннага даення, а на кукурузным ці збожжавым полі, каля сянажнай ямы, каля дойнай каровы!.. Магчыма, таму маецца высокі попыт на рабят, якія скончылі менавіта наш прафліцэй. Яны практыкі, добра ведаюць сваю справу. Да прыкладу, усіх аператараў машыннага даення, якія скончылі гэтую навучальную ўстанову ў 2021-м годзе, сельгаспрадпрыемствы Івацэвіцкага і суседніх раёнаў расхапілі нібы гарачыя піражкі. Як кажа дырэктар установы Міхаіл Дымовіч, чырванець за сваіх выпускнікоў кіраўніцтву прафліцэя і педагогам не прыходзіцца.
Але сёння хочацца паглядзець на работу ўстановы крыху ў іншым ракурсе. На малочна-таварнай ферме «Сярадава» ўтрымліваецца каля 300 галоў буйнай рагатай жывёлы, 90 з іх – дойны статак. Не самая вялікая «армія» кароў. Пры гэтым дояць тут болей за 22 кілаграмы малака сортам «Экстра» ад каровы – дастойны вынік, улічваючы, што сярэдні па Івацэвіцкім раёне – больш за 18 кілаграмаў. Здаецца, ў прафліцэі назаўсёды ёсць 100-працэнтная «адмазка»: «Наша справа не надаіць, а навучыць». Нічога падобнага: тут узялі курс на атрыманне максімальнага рэзультату.
– Зразумейце, мы з’яўляемся чымсьці накшталт аўтаномнай рэспублікі, – расказвае Міхаіл Дымовіч, дырэктар прафліцэя сельгасвытворчасці, які прыязна пагадзіўся пабыць нашым гідам. – Мы – маленькі «калгасік». Наша справа і навучыць хлопца ці дзяўчыну, але пры гэтым і зарабіць капейку, бо дзякуючы гэтай пазабюджэтнай дзейнасці жывём. Чым больш высокія надоі, тым больш высокія даходы, а нам жа трэба і падаткі плаціць, зарплату людзям, набываць паліва, ўгнаенні… Спадзяемся толькі на ўласныя сілы…
Кіраўнік вучэбнай гаспадаркі Вольга Козел расказала пра тое, як малочна-таварная ферма «Сярадава» ішла да такога зайздроснага паказчыка, як 22,4 кілаграмы малака ад каровы, што маецца зараз.
– Прыкладна 5-6 гадоў назад мы штодзень атрымлівалі на гэтай ферме каля 14-16 кілаграмаў малака ад каровы. Было разуменне, што без удасканалення племянной работы, без насычэння дойнага статку высокапрадукцыйнымі жывёламі будзем гадамі таптацца на месцы. У гэтым сэнсе праведзена значная работа, за што, канешне, варта падзякаваць нашаму ветэрынарнаму ўрачу Алегу Сярэдзічу. У нас зараз племянное пагалоўе! Адсюль і надоі дастойныя. Другі пункт, без якога вялікага малака не бывае, – гэта кармы, яны ў нас зараз 1-га класа. За гэтым ажыццяўляем вельмі строгі кантроль: як карову пакорміш – так і надоіш…
Так, праведзена каласальная работа. У выніку тут, у Сярадаве, як ні дзіўна, атрымліваюць амаль самыя высокія надоі ў раёне. І большая частка работ выконваецца рукамі навучэнцаў, якія дояць, нарыхтоўваюць кармы на тых 400 гектарах палёў, што на балансе ўстановы, закладваюць сянажныя ямы, вывозяць арганіку… Па вучэбных пуцявых лістах працуюць будучыя вадзіцелі і механізатары пад кантролем майстра, набываючы каштоўны вопыт.
Як адзначыў напрыканцы гутаркі Міхаіл Дымовіч, ён не мог сабе дазволіць адмовіцца ад вучэбнай гаспадаркі, як адмовіліся яго калегі, іншыя дырэктары.
– На тых 2-4 гектарах тэхналагічных палёў, якія засталіся на балансе другіх прафліцэяў сельгасвытворчасці вобласці, няўжо якасна вывучыш механізатара, вадзіцеля?.. У нашай установе малады чалавек поўнасцю пранікаецца духам сельскай гаспадаркі, бо ў сучасным сельгаспрадпрыемстве насамрэч прыходзіцца выконваць надзвычай шырокі спектр работ. І тое, паўтаруся, што мы за сваіх выпускнікоў не чырванеем, ганарымся імі, пацвярджае: наша ўстанова на правільным шляху.
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота)