Працую з песняй

Валянціна Мазгова – жывёлавод ААТ «Палессе АВМ» – звыкла спадзявацца на саму сябе і з адказнасцю ставіцца да сваёй работы, пра што паведамiла «Навiнам Палесся».

За шматгадовую і адданую працу яна адзначана Столiнскай раённай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў АПК падарункам, які ўручылі ёй на рабочым месцы – малочна-таварнай ферме «Сулін».Жанчына падзякавала і дадала, што любому чалавеку прыемна, калі яго цэняць.Тут Валянціна Аляксееўна як дома. Што не дзіўна, бо на гэтай жа ферме яе дачка Наталля даглядае нованароджаных цялятак, сын Іван – бычкоў, а муж працуе вартаўніком, а раней быў трактарыстам. Так мовіць, сямейны падрад. Цікава тое, што ў сельскую гаспадарку Валянціна Мазгова перайшла з… культуры.

– Усё жыццё любіла спяваць, малявала прыгожа. Гэта зараз камп’ютар і ўсё гатова, а тады плакаты і насценгазеты самі малявалі, выводзячы кожную літару, – успамінае жанчына. – Вось і вырашыла пасля школы паступіць у Гродзенскае культасветвучылішча. Адначасова ўладкавалася ў Альгомельскі сельскі клуб. Разам з іншымі работнікамі стварылі свой хор «Крыніца», з якім гастралявалі не толькі па раёне, але і іншых гарадах – Магілёве, Брэсце, Гродна, Гомелі.

Вы б чулі, як спявалі нашы жанчыны! Спачатку ўдзельнічалі толькі работнікі калгаса, а потым далучыліся настаўнікі – больш за 30 чалавек было. Спявалі народныя песні і тыя, якія перадалі нам у спадчыну нашы матулі і бабулі. І касцюмы ў нас былі свае, у асноўным гэта арыгіналы, якія зберагліся ў шафах і куфарах дбайных гаспадынь.

Мы выступалі на 1 Мая, 8 Сакавіка, праваслаўныя святы. Дзень Перамогі быў адным з самых значных мерапрыемстваў, бо вайна амаль кожную сям’ю закранула. Часта самі ладзілі вечары, калі душа спяваць хацела. У клубе было шмат жадаючых паслухаць.

– А чаму ж не засталіся працаваць у культуры?

– Маладая была, пайшла замуж, нарадзіла дзіця, потым другое. Думала, потым дыплом забяру, калі падгадую дзяцей. А далей распад СССР, перабудовачныя гады, трэба было за зямлю брацца, каб есці што было. У нас з мужам заўжды была вялікая гаспадарка. Парнік – 18 сотак, тры каровы, шэсць-сем свіней, куры, гусі. А калі хвіліна выпадала, імчала ў клуб спяваць. Я ніколі не магла сядзець без справы, такі характар, заўсёды кудысьці спяшаюся.

– Хто ж вам прапанаваў пайсці ў калгас?

– Ведаеце, для мяне ён чужым не быў, бо мая маці Ганна Карняйчук працавала 35 гадоў даяркай, бацька быў запраўшчыкам, трактарыстам і ездавым. Так што я лёгка асвоілася, спачатку была ў брыгадзе, выконвала розную работу. А ў 2000 годзе перайшла ў жывёлаводы на ферму «Сулін» і я вам скажу чэсна, што люблю сваю работу. Адказнасць тут вялікая, бо трэба не толькі адсартаваць жывёлін, сачыць за іх станам здароўя, харчаваннем, але і многае іншае. Лічба ў лічбу павінна супадаць.

Памятаю, як да маці прыходзіла на работу. Дык вось зараз у параўнанні з тым часам – зямля і неба. Кармы трактар дае, трактар і прыбірае памяшканні, апарат доіць. Сельская гаспадарка не стаіць на месцы. Але выпадковым людзям тут не месца, паколькі павінен быць парадак. Мае дзеці ведалі, куды ішлі, бо бачылі маё стаўленне да работы. Маеш намер – працуй, не маеш – не перашкаджай іншым.

– Валянціна Аляксееўна, а з песняй развіталіся?

– З песняй нельга развітацца. Да яе любоў не згасае ніколі. Спяваем з сяброўкамі, калі збіраемся. Я нават на рабоце спяваю, усе пацвердзяць. Хто ведае словы, той і падпявае.

– Значыць, вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

– Цалкам. Я вельмі люблю сваю вёску Альгомель і хачу, каб яна жыла. Калі моладзь з’язджае, гэта нядобры знак. Я вучылася ў горадзе, дык стрымгалоў ляцела дадому пасля сесіі. Маю магчымасць бачыць штодзень сваіх дзяцей і ўнукаў, старэйшыя з якіх таксама прыходзяць на ферму да бацькоў. Ёсць свой дом і кавалак зямлі, гаспадарка і сонейка над галавой. А што яшчэ чалавеку трэба!?