Як і па ўсёй Брэсцкай вобласці, на Ляхавіччыне праводзіцца акцыя «Наш жывёлавод». Праект, запушчаны рэспубліканскім галіновым прафсаюзам у 2016 годзе, за непрацяглы перыяд свайго існавання паспеў стаць пазнавальным і даволі гучным брэндам.
Шчыра «Наш жывёлавод»
Сярод іншага «Наш жывёлавод» мае на мэце павышэнне рэйтынгу прафесіі жывёлавода. У тым ліку і праз наданне ёй заслужана-дадатковай медыйнасці, больш частага ўзгадвання ў сродках масавай інфармацыі.
Роўнае ў сваёй значнасці раслінаводства і раслінаводаў мы, як правіла, прыгадваем куды часцей: падчас сяўбы, пры правядзенні корманарыхтоўчых работ, у перыяд уборкі ўраджаю. У рэшцет рэшт, у іх, у адрозненне ад працаўнікоў фермаў і жывёлагадоўчых комплексаў, ёсць «Дажынкі».
Але гэта толькі адзін і не галоўны з сэнсаў «Нашага жывёлавода». У ходзе сваіх урачыста-святочных візітаў на жывёлагадоўчыя аб’екты кіраўніцтва прафсаюзных структур работнікаў АПК і прафактывісты, якія дзейнічаюць у сацыяльным партнёрстве з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і Беларускім аграпрамысловым саюзам, вядуць шчырыя гутаркі з жывёлаводамі.
Тэма гутарак – з ухілам на вытворчыя, сацыяльна-бытавыя аспекты. Пытанні тэхнікі бяспекі, выкананне нормаў і правілаў аховы працы заўсёды знаходзяцца пад асаблівай увагай прафсаюзаў АПК. І, канешне ж, цёплыя пажаданні, «узмоцненае» каштоўнымі падарункамі слова віншавальнае. А на салодкае – пірагі, як «аўтарскі» штрых ляхавіцкага галіновага прафсаюза да шырокамаштабнай рэспубліканскай акцыі.
Пасля першай дойкі
За час свайго правядзення раённы «Наш жывёлавод» не праходзіў у такой ступені крэатыўна і тэматычна. У навагодне-калядных колерах і з удзелам адпаведнага святу галоўнага казачнага персанажа. Усё як мае быць: чырвонае фасоністае адзенне, глыбокі мяшок з падарункамі.
У кампаніі старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірыны Чура і намесніка начальніка райсельгасхарчу Наталлі Грынкевіч прыбылі на малочнатаварную ферму «Шавялі» ААТ «Жарабковічы». На гадзінніку было крыху за восем, для большасці самы пачатак працоўнага дня. Аказалася, што для работнікаў фермы гэта ўжо позна, а ранак пачынаецца ў пяць гадзін, разам з першай дойкай, якая звычайна ў восем ужо заканчваецца.
Але перш чым адправіцца на працоўны перапынак, жывёлаводаў чакаў прафсаюзны ранішнік. Цёплыя словы віншавання, каштоўныя і патрэбныя ў любой гаспадарцы падарункі, увага, а таксама імправізацыі ад Дзеда Мароза падагрэлі не толькі настрой, а, здаецца, развярнулі ў плюс марознае на той час надвор’е.
Мікалаю Шалковічу за добрасумленную працу, адказную жыццёвую пазіцыю, высокі прафесіяналізм дастаўся яшчэ і індывідуальны прыз. У выглядзе Падзякі Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, каштоўнага падарунка, слоў віншавання, апладысментаў гасцей і калег.
Як падзялілася ў гутарцы загадчык Шавялёўскай МТФ Таццяна Касмовіч, работа ў Мікалая Аляксеевіча нялёгкая і няпростая. Ён слесар па абслугоўванні малочнага абсталявання. У сваёй прафесіі шмат гадоў, ведае пра яе ўсё і нават крыху больш. Выдатны спецыяліст, адказны выканаўца, у працоўны распарадак якога ўваходзяць і частыя сутачныя дзяжурствы. Даводзіцца быць у адказе за ўсё, што адбываецца на ферме: падчышчаць за жывёламі, «прымаць» нованароджаных цялят, ажыццяўляць іх выпойванне. А стойлавая ёмістасць фермы, між іншым, амаль чатыры з паловай сотні галоў жывёлы, кожная з якіх патрабуе ўвагі, догляду і ласкавых да сябе адносін.А перад уваходам на ферму – святочная казка.
– Невялічкі куточак, які мы са сваімі работнікамі паспрабавалі пераўтварыць у навагодне-калядную лакацыю. Бліскучыя ўпрыгажэнні, рознакаляровыя агеньчыкі і іншыя на тэму дня рэчы. Проста, але падбадзёрвае, дорыць настрой, стварае пачуццё святочнасці. Святы ў работнікаў нашай галіны бываюць не часта, але ж стараемся, каб яны здараліся, – падсумоўвае Таццяна Касмовіч.
«Вялікая Лотва» і не малы «Цэнтр»
Іменна гэтыя малочнатаварныя фермы ААТ «Шлях новы» і «Нача» сталі наступнымі на маршруце таго дня рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод». Спачатку ўзнагароды і каштоўныя падарункі, а на гэты раз у якасці апошніх выступалі ЗВЧ-печы, наборы слясарных інструментаў і прылад, камплекты пасцельнай бялізны, «прыехалі» на жывёлагадоўчы аб’ект «Вялікая Лотва» разам з віншаваннямі, прыгожымі і прыемнымі словамі ў адрас жывёлаводаў.
Пасля была «Нача» і МТФ «Цэнтр». З тымі ж задачамі і мэтамі, святочным настроем і падобнымі сродкамі ўшанавання.У «Новым шляху» індыві-дуальную прафсаюзную адзнаку –Падзяку раённай арганізацыі – атрымаў таксама слесар па абслугоўванні малочнага абсталявання Вячаслаў Калоша. У «Начы» прафсаюзных лаўрэатаў аказалася двое – жывёлавод Мікалай Чарапавіцкі і заатэхнік-селекцыянер Ірына Лук’янава.
Віншуем і прадоўжым напа-мінам, што з завяршэннем першага этапу праект «Наш жывёлавод» не спыняецца. Ён працягваецца –разам з перыядам зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. Самым халодным, найбольш напружаным і асабліва няпростым.
Іван КАВАЛЕНКА.Фота аўтара.