Мы разам — за Беларусь!

Пад такiм дэвізам у рамках народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў аграгарадку Лукава прайшоў канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, які стаў сапраўдным падарункам для вяскоўцаў, паведамляе грамадска-палiтычная газета Маларытская раёну «Голас часу».

Выказваючы словы прывітання і лукаўскім жыхарам, і гасцям, кіраўнік раёна Міхаіл Бацэнка, які прыняў удзел у мерапрыемстве, зазначыў, што ініцыятыва прафсаюза, накіраваная на аб’яднанне, вельмі важная. Ён напомніў, што ў сваім Пасланні беларускаму народу Прэзідэнт краіны гаварыў, што толькі калі мы разам — мы сіла, моцныя мы, пакуль адзіныя. Міхаіл Леанідавіч падзякаваў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за прыемны падарунак раёну, за дадзеную людзям працы магчымасць прымаць на вясковай сцэне сталічных зорак і атрымліваць асалоду ад чароўных спеваў.

Прафсаюзная акцыя – гэта традыцыйна яшчэ і ўшанаванне тых людзей, хто сваёй працай заслужыў словы падзякі. Узнагароды Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў прыехаў уручыць работнікам ААТ “Чырвоны партызан” загадчык аддзела сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Кузьмук.

За асабісты ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства і актыўную жыццёвую пазіцыю па ўмацаванні прафсаюзнай арганізацыі Ганаровай граматай быў ушанаваны старшыня ААТ “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк.

Ганаровую грамату за добрасумленныя адносіны да працы, актыўны ўдзел у рабоце па абароне працоўных правоў і эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза атрымаў таксама трактарыст-машыніст сельгаспрадпрыемства Аляксей Чырук.

Граматай раённага аб’яд­нання прафсаюзаў за шматгадовую добрасумленную працу і актыўны ўдзел у жыцці працоўнага калектыву была ўзнагароджана аператар машыннага даення Аксана Бохан. Уручыў яе працаўніцы старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк.

Гаворачы пра акцыю “Мы разам — за Беларусь!”, Сяргей Іванавіч падкрэсліў, што нам усім важна быць разам і ва ўсіх цяжкасцях, і ва ўсіх справах, і ва ўсіх поспехах, бо толькі разам можна вырашыць любыя, нават самыя складаныя задачы. Прычым, моцная сацыяльная палітыка дзяржавы дапамагае сёння з упэўненасцю глядзець у будучыню.