Калі працуеш аддана

Лета надышло, а значыць закончылася нарыхтоўка кармоў першым укосам. Шчыра працавалі механізатары, трактарысты, вадзіцелі, каб запоўніць сянажныя траншэі ў сваіх гаспадарках. І як, звычайна бывае, сярод іх ёсць лепшыя з лепшых. Ім на гэтым тыдні былі ўручаны Падзячныя лісты ад раёнага і абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК прафкама за актыўны ўдзел у нарыхтоўцы кармоў.

Дзякуючы вашай працы асвойваюцца новыя тэхналогіі вытворчасці нарыхтоўкі высокаякасных кармоў, выкарыстанне якіх адлюстроўваецца на павышэнні прадуктыўнасці жывёлы і канкурэнтаздольнасці прадукцыі жывёлаводства, – звярнуўся да механізатараў старшыня раённага прафкама работнікаў АПК Уладзімір Семенюк. – Ваш прафесіяналізм і адданасць справе высока цэняцца ў калектыве і служаць прыкладам усім работнікам сельскай гаспадаркі Столінскага раёна. Прыміце шчырыя пажаданні здароў’я і актыўнага даўгалецця, шчасця і дабрабыту, поспехаў ва ўсіх вашых справах.

А ўручаць Падзячныя лісты і грашовыя прэміі мы накіраваліся на месцы работы механізатараў – палі і мехдвары. Далучыўся да нас старшыня прафкама ААТ «Новая Прыпяць» Аляксандр Мазоль. У гэтай гаспадарцы ўзнагародзілі вопытнейшага механізатара Іван Грыба, які на МАЗе-6501 перавёз 1220 тон кармоў. Іван Іванавіч працуе ў гаспадарцы ўжо 37 гадоў.

Прыйшоў пры Івану Дзмітрыевічу Янкоўскаму, і першым яго агрэгатам быў знакаміты цягач К-700.  За ўсё жыццё змяніў чатыры машыны, а на апошняй працуе два гады.

Калі тэхніку берагчы, то яна вам аддзячыць – ламацца не будзе, – дае параду маладому пакаленню вадзіцеляў Іван Грыб.

А вось на комаўборачным камбайне Ягуар-850 больш за ўсе нарыхтаваў кармоў – 3220 тон – механізатар Васіль Андрайчук, якога мы знайшлі на мехдвары. Таксама ў гаспадарцы дастатковы час – з 1998 года.  

— Тады было модна і прэстыжна працаваць у калгасе, – дзеліцца ён успамінамі. – Усе мае сябры ішлі праваць сюды. Хтосьці змяніў месца работы, а я застаўся і не шкадую. Тэхніка зараз сучасная, новая, абслугоўваецца фірмамі, таму працуй сабе, калі не лянуешся. Тады і заробіш добра.

У ААТ «Полессе АБМ» Падзячны ліст уручылі Валянціну Серадзіну, які запраўляў палівам свой камбайн. Таксама вельмі вопытны механізатар, таму работы хапае для яго заўсёды. Далучыўся на віншаванняў старшыня гаспадаркі Іван Кадоліч.

І апошнім нашым прыпынкам стала ўрочышча Барок у ААТ «Кароцічы». Праўда, ехалі мы да яго з паўгадзіны, паколькі знаходзіцца яно за ракой Сцвігай. Чэсна скажу, механізатарам, якія штодзень пераадольваюць гэтую дарогу, нізка кланяюся да зямлі. Мне здавалася, што ўсе органы ў арганізме перамяшаліся, настолькі разбітая дарога. Мост пабудаваны яшчэ пры Савецкім Саюзе для ваеннага палігона патрабуе рамонту ці замены. А полёў за ракой многа.

Там мы ўручылі Падзячны ліст вадзіцелю Віталю Леська. Прывабны мужчына прыйшоў сюды працаваць адразу пасля заканчэння Столінскага сельскагаспадарчага ліцэя. Кажа, што падабаецца і паласа перашкод, якую нагадвае дарога да поля, пераадольваць звык.

Таксама Падзячныя лісты атрымалі Сцяпан Федарэц з гаспадаркі КСУП “Відзіборскі», Ігар Гарагляд і Рыгор Каспяровіч – з КСУП «Прыпяць-2009», Аляксандр Язубец – з КСУП «Рухчанскі», Аляксандр Скрабец з КСУП «Беражное».

Навiны Палесся, Ганна МЕЛЬНІК, фота аўтара