На пасадзе старшыні Ганцавiчскага райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплекса Ларыса КАСАЧ усяго другі год. Але ж, як прызнаецца сама, агульны стаж прафсаюзнага лідара вылічваецца паўтара дзясяткам год. Да таго ж, у свой час Ларыса Генадзьеўна прайшла выдатную школу ўмення ладзіць зносіны з людзьмі на пасадзе настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў роднай Начы, а крыху пазней – кадравіка ў ААТ “Крышылавічы”.
– Яшчэ і па гэтай прычыне мне не складае цяжкасці заўважыць агрэхі ў рабоце падначаленых, падказаць ім магчымыя “падводныя камяні” ў справаводстве. У гаспадарках бываю нярэдка. Праўда, пасля паступовай рэарганізацыі на Ганцаўшчыне сельгасарганізацый прыкметна паменшала. Заўсёды не прамінаю фермы. Падчас наведвання звяртаю ўвагу на тое, у чым асаблівую патрэбу маюць жывёлаводы. Вось і сёлета пастараліся ўлічыць некаторыя важныя акалічнасці.
Справа ў тым, што на аддаленыя жывёлагадоўчыя комплексы кіраўніцтва сельгасарганізацый, як, напрыклад, у ААТ “Хатынічы”, заўсёды стараецца арганізаваць падвоз работнікаў, але нямала і тых, хто дабіраецца да месца працы на веласіпедах ці скутэрах, а то і пехатой, калі ферма знаходзіцца за ваколіцай населенага пункта. Спяшаюцца сюды аператары ды даглядчыкі яшчэ ўпоцемкі і вяртаюцца, калі на вёску кладзецца змрок. Каб на дарозе засцерагчы іх ад бяды, вырашылі купіць спецыяльныя камізэлькі са святлоадбіваючымі элементамі.
У раёне распачалася рэспубліканскя акцыя “Наш жывёлавод”, у ходзе якой перададзім у дадатак да асноўных падарункаў набытыя камізэлькі. На жаль, забяспечыць імі адразу ўсіх работнікаў пакуль не атрымаецца, але паступова будзем старацца гэта зрабіць.
Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што заўсёды падтрымліваюць нашы пачынанні старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў і яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Вольга Курачка. Не застаецца ўбаку абласная арганізацыя беларускага прафсаюза работнікаў АПК на чале з Аляксандрам Саланевічам і рэспубліканская структура на чале са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васілём Хвацікам. Дзякуючы такой падтрымцы ўдаецца штогод надаваць большай важкасці ўсім праводзімым акцыям.
Сёлета атрымалася закупіць на фермы некалькі электрычных чайнікаў у пакоі прыёму ежы. Іх таксама ўручым у бліжэйшы час. Марым пра тое, каб набыць яшчэ і мікрахвалевыя печы. Варта сказаць, што апошнім часам дастаткова актыўна ў якасці заахвочвання прафсаюз дорыць лепшым работнікам пуцёўкі ў профільныя санаторыі. Летась аздаравіцца такім чынам мелі магчымасць трое працаўнікоў аграрнага сектара раёна.
Акрамя абласных і рэспубліканскіх, ладзім уласныя акцыі да свята Першамая, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплекса, 8 Сакавіка, Дня маці, Новага года… Вельмі запамінальным сёлета атрымаўся навагодні ранішнік для сыноў і дачшак сельгасработнікаў. Дзетак-інвалідаў наведалі на даму. Словам, усе разам клапоцімся, каб у нашых землякоў быў добры настрой, годныя бытавыя ўмовы, каб заўсёды ў строга вызначаны тэрмін плацілі заробкі, а работа, нягледзячы на тое, што ў сельскай гаспадарцы яна дастаткова няпростая, прыносіла здавальненне.
– Ці шматколькасная ваша арганізацыя?
– Сёння наш раённы прафсаюз АПК аб’ядноўвае больш як 1330 членаў. На жаль, вымушана канстатаваць, што з году ў год змяншаецца колькасць пярвічных арганізацый, бо на Ганцаўшчыне ў аграпрамысловым сектары працягваецца рэарганізацыя, ідзе паступовае ўзбуйненне гаспадарак шляхам іх аб’яднання. Вось і зараз завяршаецца ліквідацыя былога райаграсервіса, а значыць, яшчэ на адну пярвічку будзе менш. Што датычыць перапрацоўчай галіны, то яна ў раёне прадстаўлена слаба. Рукі, аднак, не апускаем. Дастаткова плённа працуем з фермерскімі гаспадаркамі. Датычыць гэта і прыватных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якіх на Ганцаўшчыне нямала. Колькасць работнікаў у большасці з іх невялікая, але стараемся, каб яны таксама знаходзіліся пад абаронай прафсаюза. Больш таго, тлумачым людзям, што з выхадам на заслужаны адпачынак зусім не абавязкова адмаўляцца ад членства ў прафсаюзе. Свае прэферэнцыі гэтай катэгорыі грамадзян арганізацыя, нягледзячы на тое, што пенсіянерам не трэба плаціць узносы, гарантуе. А гэта, напрыклад, 25-працэнтная скідка пры аплаце пуцёўкі ў санаторый. Больш таго, летась мы ўзнагародзілі бясплатнай пуцёўкай у аздараўленчую ўстанову ветэрана працы, былога ветурача ААТ “Хатынічы” Івана Амрэйчыка, у якога адзін запіс у працоўнай кніжцы. Сёння Іван Іванавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, і яму была вельмі прыемнай увага з боку прафсаюза. Застаецца членам арганізацыі і былая вязень фашызму Соф’я Літвіновіч з тых жа Хатыніч. Таксама стараемся яе не забываць, наведваем, віншуем са святамі.
– Ці часта звяртаюцца да вас за дапамогай у абароне сваіх правоў працаўнікі?
– Дастаткова часта. Асабліва, калі пачынаецца рэарганізацыя ці ліквідацыя той або іншай гаспадаркі. Летась ААТ “Дубнякі” далучылі да ААТ “Любашава”. Якраз праводзілася акцыя “Наш жывёлавод”, і была магчымасць сустракацца адначасова з вялікай колькасцю работнікаў ферм. Яны актыўна задавалі пытанні, раіліся, як лепш паступіць у гэтай сітуацыі і былі задаволены, атрымаўшы дакладныя адказы.
Увогуле стараемся кантраляваць увесь працэс змянення ўмоў працы членаў нашага прафсаюза і пільна сочым за тым, як складваецца далейшы лёс кожнага з работнікаў. Іншы раз для вырашэння праблемы падключаем абласных прававых інспектараў, але такія выпадкі здараюцца нячаста. У асноўным разбіраемся на месцы самастойна. Напрыклад, у ААТ “Крышылавічы” з 67 чалавек, якія там працавалі, 11 не згадзіліся працягваць стасункі з новым наймальнікам. У большасці сваёй гэта пенсіянеры, але былі і людзі працаздольнага ўзросту. Хто-ніхто вырашыў займацца індывідуальным прадпрымальніцтвам. Адзін з вяскоўцаў катэгарычна адмовіўся ад усіх магчымых месцаў работы, хоць прапаноўвалі яму адразу некалькі адпавядаючых яго адукацыі і кваліфікацыі. Гэта было яго рашэнне. Паверце, калі чалавек хоча працаваць у сельскай гаспадарцы, то такую магчымасць яму заўсёды забяспечаць, бо на Ганцаўшчыне, як, думаю, і ў іншых рэгіёнах, кадравая праблема ў аграпраме застаецца адчувальнай. І прафсаюз гэта таксама трывожыць.
Асабліва хвалюе той факт, што ў сельскую гаспадарку неахвотна ідзе моладзь, а спецыялісты, якія прыязджаюць сюды з дыпломамі ВНУ і каледжаў, пасля адпрацоўкі затрымліваюцца рэдка. Са свайго боку заўсёды сочым, каб усе прадугледжаныя законам льготы і прэферэнцыі ў адносінах да іх абавязкова захоўваліся, аднак утрымаць маладых спецыялістаў атрымліваецца далёка не заўсёды. Раён невялікі, работа няпростая, а заробкі юнакам і дзяўчатам хочацца мець істотныя і сёння. Дарэчы, сярэдняя заработная плата ў аграпрамысловым сектары Ганцаўшчыны за студзень-лістапад мінулага года склала 1043 рублі.
– Кіраўніцтва сельгасарганізацый ахвотна ідзе насустрач пажаданням членаў прафсаюза калі, скажам, паступаюць прапановы ўнесці змяненні ў Калектыўны дагавор? Лакальныя нарматыўныя акты ў кожным асобна ўзятым працоўным калектыве маюць асаблівасць адрознівацца…
– Вы абсалютна правільна заўважылі. З такой сітуацыяй сутыкнуліся пры далучэннні ААТ “Дубнякі” да ААТ “Любашава”. Згодна з калектыўным дагаворам, даплаты за стаж работы ў абедзьвюх гаспадарках былі рознымі. Прафсаюз выйшаў з адпаведнай прапановай, было прынята дадатковае пагадненне, якое задаволіла абодва бакі. Не памылюся, калі скажу, што кіраўніцтва гаспадарак заўсёды ўважліва ставіцца да нашых запытаў, разумеючы, што за кожным – інтарэсы людзей, ад якіх, у рэшце-рэшт, залежыць галоўнае – плён агульнай працы.
Гутрыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, Савецкае Палессе