
Жаданне звязаць лёс з эканомікай, без якой немагчыма ніводнай дзяржавы, выспела яшчэ за школьнай партай. Шлях у прафесію Віктару падказала маці Людміла Віктараўна, якая мела эканамічную адукацыю. Маючы такі добры прыклад перад вачыма, пасля дзевяці класаў другой гарадской школы юнак падаў дакументы ў Брэсцкі тэхнікум бізнесу і права. Атрымаў чырвоны дыплом і надзейныя веды эканаміста-менеджара, а затым, ужо завочна, скончыў і тэхнічны ўніверсітэт у горадзе над Бугам.
На той час Віктар Іванавіч ужо тры гады сумяшчаў тэарэтычныя веды з практычнай дзейнасцю ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Жабінкаўскі”, куды прыйшоў на пасаду эканаміста па працы і заробку. Сустрэлі яго з цеплынёй, калектыў спадабаўся. “Жабінкаўскі” заўсёды быў вельмі моцнай гаспадаркай. Тагачасны дырэктар Іван Кужко адразу паставіў перад маладым работнікам задачы, неабходныя для вырашэння, каб гаспадарка ў эканамічным плане заставалася квітнеючай.
– Так працягваецца і зараз, калі сельгаставарыства ўзначальвае Міхаіл Мікалаевіч Вячорка, – пераканана гаворыць Віктар Валасюк, які з лета 2013 года стаў галоўным эканамістам гаспадаркі.
Папярэдне ў размове яе дырэктар Міхаіл Вячорка назваў Віктара Іванавіча чалавекам з вялікім вопытам, на якога заўсёды можна абаперціся.
Асобная старонка яго біяграфіі прысвечана дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае амаль сто працэнтаў работнікаў “Жабінкаўскага”. У 2009 годзе працаўнікі – члены прафсаюза ўпершыню аказалі Віктару Валасюку давер прадстаўляць свае інтарэсы ў якасці старшыні прафкама. Іх давер ён сёлета пацвердзіў у чарговы раз, калі быў аднагалосна перавыбраны прафсаюзным лідарам.
Па словах старшыні раённай арганізацыі прафесійнага саюза работнікаў АПК Любові Каберны, калектыўны дагавор у ААТ “Жабінкаўскі” адзін з найлепшых у галіне. Прынамсі, гэта тычыцца нормаў, уключаных у яго.
– Мне даспадобы тандэм, што склаўся ў гаспадарцы паміж наймальнікам і прафкамам, – падкрэслівае Любоў Антонаўна. – Разам яны займаюцца агульнай справай, карыснай для людзей.
Так, усё, што робіцца, – выключна на карысць чалавеку працы. Прыкладам, у гаспадарцы абавязкова акажуць матэрыяльную дапамогу ў розных жыццёвых сітуацыях, калі работніку надзвычай спатрэбіцца падтрымка. Штогод перад канікуламі (і гэта стала ўжо добрай традыцыяй) дзяцей працаўнікоў, што шчыруюць у сельгаставарыстве, гаспадарка заахвочвае за добрую вучобу каштоўнымі падарункамі. Вялікая ўвага з боку адміністрацыі і прафсаюза аказваецца таксама моладзі, што далучаецца да нялёгкай, але важнай і высакароднай працы на жабінкаўскай зямлі. Маладыя людзі літаральна з першых дзён павінны адчуваць клапатлівую падтрымку з боку старэйшых вопытных калег.
Пільная ўвага ў адкрытым акцыянерным таварыстве ў Год якасці адводзіцца таксама ахове працы. Тут створаны належныя ўмовы для тых, хто рупіцца ў полі, на мехдвары або на ферме. Усё гэта спрыяе добрым вынікам, якія стабільна з году ў год паказвае гаспадарка.
– Яшчэ адзін, лічу, значны кірунак нашай дзейнасці, – дзеліцца прафлідар, – звязаны з развіццём турызму і спорту. Паколькі ў гаспадарцы разумеюць, што добры і карысны адпачынак работніка спрыяе яго працаздольнасці і пашырае кругагляд.
Першае, што адразу прыходзіць на думку, – поспех, які напрыканцы мая мела каманда Брэсцкай вобласці на рэспубліканскай прафсаюзнай спартакіядзе. Вельмі прыемна, што ў камандным золаце, якое атрымалі берасцейцы на спаборніцтвах, важкі ўнёсак прадстаўнікоў “Жабінкаўскага” Валерыя Андрасюка і Марыны Кавальчук.
– Мы яшчэ і падарожнічаць любім па роднай Беларусі, – гаворыць Віктар Іванавіч. – Пабывалі ўжо ў старажытных гарадах, насычаных гісторыяй, – Гродне, Віцебску, Бабруйску. Зараз у планах – вандроўка на Нарач – да найвялікшага возера Беларусі. Дарога туды будзе ўключаць старадаўнія мясціны, якія складаюць гонар краіны.
На развітанне прапанавалі галоўнаму эканамісту і прафсаюзнаму лідару напярэдадні прафесійнага свята выказаць пажаданні калегам, якія хутка будуць адзначаць Дзень эканаміста. Віктар Валасюк быў надзвычай лаканічным:
– Усім здароўя, стабільнасці і мірнага неба!
Источник: Сельская прауда
Фото: Анатоля РОСТАЎ