Ужо стала традыцыяй праводзіць рэспубліканскую прафсаюзную акцыю “Наш жывёлавод” узімку, калі падведзены вынікі ўборачнай кампаніі, а падрыхтоўка да пачатку чарговага агранамічнага года яшчэ наперадзе.
— Гэтая акцыя – выдатная магчымасць выказаць шчырыя словы ўдзячнасці людзям, дзякуючы клопату якіх мы маем на сталах мясныя прысмакі і малочныя прадукты, — лічыць старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоў КАБЕРНА. — На жаль, праца жывёлаводаў, у адрозненне ад аратых, сейбітаў і камбайнераў, застаецца нібыта ўбаку. Між іншым, на фермах штодзённа рупяцца людзі, што кормяць жывёлу, дояць рагуль, даглядаюць цялятак, якім праз пэўны час папаўняць статак. Іх працоўны дзень часта пачынаецца на досвітку, калі большасць гараджан яшчэ даглядаюць сны. Штодзённай працай жывёлаводы таксама ўносяць свой уклад у харчовую бяспеку краіны.
У мінулы чацвер акцыя “Наш жывёлавод” стартавала ў ААТ “Жабінкаўскі”. Любоў Каберна разам з намеснікам начальніка райсельгасхарчу Іванам Міцкевічам наведалі фермы гаспадаркі, каб уручыць лепшым рупліўцам падарункі і Пісьмы падзякі раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і раённага выканаўчага камітэта.
…На МТФ “Навасады” якраз завяршылася ранішняя дойка. Рагулі ўжо спяшаліся да кармавых сталоў, каб сытна паабедаць і адпачыць у ляжанках да чарговага даення. Гераіні дня – аператары машыннага даення Алена КАВАЛЬЧУК і Ніна ЛІЦКЕВІЧ. Жанчыны атрымалі падарункі з пажаданнямі і далей упэўнена падымацца на малочныя вяршыні. Віншаванні прымалі і жывёлаводы: на МТФ “Курпічы” — Андрэй КАНАНОВІЧ і Надзея ШПЕНДЗІК, на МТФ “Рачкі” – Віктар ДРАПЕЗА і Ірына БЛАШЧУК, на МТФ “Панцюхі” – Алег МЫСНІК і Аксана МАНАСТЫРСКАЯ. На МТФ “Якаўчыцы” (той самай, дзе год таму адчынілася сучасная даільная зала тыпу “карусель” – адзіная такая ў раёне) Любоў Каберна і Іван Міцкевіч павіншавалі слесараў Дзяніса ПРАЗАПАСА і Сяргея АНДРАЮКА.
Усмешкі на тварах жывёлаводаў і шчырыя “дзякуй” за ўвагу да простых рупліўцаў, у якіх работа не заканчваецца круглы год. У іх добры настрой – значыцца, будуць і добрыя вынікі!
— Мы ў бясспрэчных лідарах ў раёне па колькасці жывёлы — маем амаль 5100 галоў, з якіх кароў – 1780, — расказвае старшыня прафкама пярвічкі ААТ “Жабінкаўскі” Віктар ВАЛАСЮК. — Праводзіцца сур’ёзная работа, каб статак быў здаровы, накормлены і дагледжаны. Пра гэта клапоціцца наш згуртаваны калектыў. Радуюць прыбаўленні ў вазе маладняку – звыш 700 грамаў у суткі, якасць атрыманага малака таксама неблагая. Мы паставілі мэты на 2022 год у жывёлагадоўчай галіне і будзем да іх імкнуцца.
Святлана КІСЛАЯ Фота аўтара