Любыя спаборніцтвы падразумяваюць пад сабой максімальнае праяўленне ўсіх маральных і фізічных сіл для дасягнення выніку. І тут галоўнае яшчэ — не расхвалявацца, сабраць волю ў кулак і паказаць сябе.
Жаданне перамагчы прысутнічала ў поўнай меры на мінулым тыдні і падчас правядзення абласнога адкрытага конкурсу «Аграмайстэрства» ў навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання па прафесіі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці».
Конкурс праходзіў на базе УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» з 25 па 28 кастрычніка. Першы этап яго праводзіўся ва ўстановах адукацыі вобласці, дзе выяўляліся лепшыя майстры вытворчага навучання і навучэнцы. Ім і выпаў гонар выступіць на абласным спаборніцтве.
Усяго было пададзена 11 заявак ад устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці. Падчас адкрыцця конкурсу ў актавай зале каледжа першым да прысутных звярнуўся дырэктар установы Станіслаў Козел, які шчыра ўсіх павітаў, пажадаў кожнаму перамогі, прычым не толькі па балах, а недзе — і над сабой, што таксама немалаважна. А яшчэ Станіслаў Мечыслававіч зазначыў, што працаваць у сельскай гаспадарцы — гэта пачэсна. Тым больш што на сённяшні дзень паняцце «харчовая бяспека» набывае ўсё большую актуальнасць у свеце.
Падтрымаў думку дырэктара каледжа і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко, які дадаў, што прафесія трактарыста — без малога самая важная ў сельгаставарыствах, бо ад якасна выкананай механізатарам работы залежыць і будучы ўраджай, а ў далейшым — агульны каравай краіны.
Наступным крокам у мерапрыемстве было прадстаўленне журы, якое ўзначаліў Валерый Траяноўскі, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама. Валерый Іванавіч пажадаў усім удзельнікам конкурсу ўдачы, гладкага ворыва, не забываць пра тэхніку бяспекі. І пасля правядзення жараб’ёўкі канкурсанты прыступілі да выканання практычных і тэарэтычных заданняў.
На працягу першых трох дзён навучэнцы паказвалі тэарэтычныя веды па прадметах прафесійнага кампанента вучэбнага плана, вадзілі трактар «Беларус-82» з прычэпам, рабілі яго тэхнічны агляд, выконвалі ўзворванне. Падчас апошняга задання суддзі звярталі асаблівую ўвагу на акуратнасць праведзенай работы, глыбіню ворыва. У выніку ў індывідуальным заліку першае месца за навучэнцам з Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А. Я. Кляшчова Рыгорам Буйнічам, другое — за Дзмітрыем Курылюком з УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» (хлопцу не хапіла 1,5 бала да поўнай перамогі), на трэцяй прыступцы п’едэстала аказаўся Максім Уласко з Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.
Прызавыя месцы сярод майстроў вытворчага навучання размеркаваліся наступным чынам: першае — Маларыта (Дзмітрый Навумчык), другое — Драгічын (Анатоль Крэйдзіч), трэцяе — Ганцавічы (Аляксандр Рабцэвіч). Майстры, дарэчы, займаліся толькі ўзворваннем, паказваючы сваім навучэнцам майстар-класы.
Калі гаварыць пра каманднае месца, то яны размеркаваліся наступным чынам: першае месца — Пінскi каледж імя А. Я. Кляшчова (522 балы), Пружаны размясціліся на другім месцы (507 балаў), замкнуў тройку лідараў Драгічынскі дзяржаўны аграрны каледж (502 балы).
У мінулую пятніцу прайшло ўзнагароджанне пераможцаў. За прызавыя месцы па палажэнні конкурсу былі ўручаны грашовыя прэміі навучэнцам і майстрам вытворчага навучання ад Брэсцкай абласной прафсаюзнай агранiзацыi работнiкаў аграпрамысловага комплексу. Удзельнікі спаборніцтва, якія аказаліся на п’едэстале, былі ўзнагароджаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
І не трэба расстройвацца, калі табе не ўдалося перамагчы, дасягнуць высокіх вынікаў. Часам патрэбна зрабіць крок назад, асэнсаваць свае памылкі, каб затым смела здзейсніць два ўперад.
Крынiца: Раённыя буднi