Хто стаў «Уладаром сяла-2022»? Рэпартаж газеты Раённыя буднi з раённага этапа сямейнага праекта

У аграгарадку Кабылаўка ў мінулую суботу пяць маладых сем’яў, якія пражываюць на тэрыторыях сельсаветаў раёна, пазмагаліся за званне «Уладар сяла».

Забягаючы наперад, адзначу, што мне даводзілася быць сведкам аналагічных конкурсаў на Гомельшчыне. Многія этапы спаборніцтва былі падобныя як там, так і ў нас. Але некалькі з прадстаўленых бачыў упершыню.

Ды аб усім па парадку.

Адзначу, што агледзець аграгарадок поўнасцю у мяне не было часу: пазнаёміўся толькі са стадыёнам і прылеглай да яго тэрыторыяй. Яны мне спадабаліся, чысціня, парадак настройвалі на мажорны лад. Тым больш, і добрае сонечнае надвор’е гэтаму спрыяла, а яшчэ ўсмешкі ўдзельнікаў свята як старэйшых, так і самых маленькіх.

На стадыёне раскінуліся падвор’і сем’яў Ігнацьевых, Кобакаў, Люкевічаў, Зуйкевічаў і Ліцкевічаў. Не паўтаралася ні адно. Гэта былі свае маленькія ўтульныя візітоўкі пад дэвізам “Калі ласка, да нас!”, арыгінальна аформленыя. Тут можна было азнаёміцца з захапленнямі як гаспадароў, так і іх дзяцей, пакаштаваць прысмакі, якія любяць гатаваць гаспадынькі. Кампетэнтнае журы, якое ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, высока ацаніла кожную візітоўку: усе падрыхтаваліся добра.

Каб паспаборнічаць у касьбе травы, усе адправіліся на бліжэйшы луг, дзе знарок для гэтага конкурсу быў пакінуты невялічкі няскошаны ўчастак. Тут гаспадары паказалі свой спрыт і ўменне ўпраўляцца з касой. Суддзі ацэньвалі не толькі хуткасць, але і якасць працы.

Вельмі цікавым і для мяне новым стала спаборніцтва пад назвай “Дранікі на калодзе”. Мужчынам трэба было падрыхтаваць з палена і распаліць так званую “фінскую свечку”, а жанчынам на гэтым імправізаваным вогнішчы насмажыць духмяных дранікаў. Мала таго, што неабходна было спячы не менш за пяць аладак, страву патрабавалася арыгінальна аформіць і прыгожа падаць. Гэта быў самы смачны конкурс.

Не менш захапляльнымі сталі конкурсы па распілоўцы і колцы дроў, якія затым яшчэ складалі ў форме калодзежа, мужчынам патрабавалася правільна спавіць ляльку, жанчынам — хутка і якасна забіць у палена цвік. Тут страсці кіпелі бурна. Але і з гэтымі заданнямі справіліся ўсе.

Прыйшоў час падводзіць вынікі. Падсумоўваючы заробленыя балы, журы абвясціла вынікі раённага этапу рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Сям’я Ліцкевічаў заняла пятае месца, чацвёртымі сталі Ігнацьевы, на трэцім месцы – Зуйкевічы, сярэбраным прызёрам стала сям’я Люкевічаў і, нарэшце, высокае званне “Уладара сяла” раённага маштабу атрымала сям’я Кобакаў. Яны і будуць прадстаўляць Пружаншчыну на абласным этапе рэспубліканскага праекта, дарэчы, ужо другі раз.

Вось яны, «уладары сяла», — сям‘я Кобак, якая прадстаўляла Мокраўскі сельсавет і, дарэчы, была пераможцай мінулагодняга конкурсу.

Падарункі пераможцам і прызёрам прадаставілі райкам беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу (прыз за першае месца), а таксама аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА “БРСМ”, райкам беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў і сельгаспрадпрыемствы, дзе працуюць сем’і ўдзельнікаў праекта.

Вялікі дзякуй старшыням сельскіх Саветаў дэпутатаў: Мокраўскага, Хараўскога, Ружанскага, Ліноўскага і Шарашэўскага — за крэатыў і дапамогу сваім удзельнікам, а таксама артыстам Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры за музычныя нумары, трапныя жарты і добры настрой.

Свята атрымалася. Жадаем сям’і Кобак перамогі ў абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Дарэчы, арганізатарам і ідэйным натхняльнікам гэтага цікавага праекта з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Віктар Ільюшчанка, фота аўтара